Издаётся с 20 октября 1965 года
Газета Открытого Акционерного Общества «СветлогорскХимволокно»

“Дразды” пасталелі!

28.01.2022

Што-што, а ліць слёзы пад спевы гурта “Дразды” – дзіва дзіўнае. Хлопцы-музыкі са сваімі “кедамі-паўкедамі”выклікалі адное: балакі і не болей! Але апошнім часам “Дразды” прыемна радуюць: калектыў нарэшце выйшаў на новы ўзровень і нядаўні канцэрт на сцэне гарадскога цэнтра культуры таму сведка.

У творчым пошуку

Фронтмэн групы Віталь Карпанаў шмат жартаваў, сыпаў байкамі, якія вельмі пазітыўна ўспрымаліся гледачамі, а кожную музычную кампазіцыю пачынаў вясёлым зваротам да публікі: “Дайце шуму!”. Разам з даўно знаёмымі песнямі, з якіх пачыналася гісторыя “Драздоў” (без “Кедаў”, зразумела, не абыйшлося!), прагучала некалькі новых твораў на роднай мове, якія і падштурхнулі пасля канцэрту напрасіцца на інтэрвію. Віталь адразу згадзіўся, але трэба было крышачку пачакаць: спачатку фотасесія з кожным жадаючым з гледачоў, якія былі на канцэрце.

“Гэта вам не кеды, гэта ўсё сурь’ёзна!”

Творчы пошук дазволіў калектыву выйсці на новую каляіну.

—Як прыйшлі да песен на роднай мове?

-Бацька, бывала, казаў, звярніся да якога-небудзь кампазітара, хай напіша табе нармальную песню. Прызнаюся, мяне гэта крышку крыўдзіла, — расказвае Віталь. – Але ўсё прыйшло з узростам, з вопытам. На сённяшні дзень рэпертуар групы папоўніўся дванаццаццю новымі песнямі на роднай мове і, спадзяюся, у нас нядрэнна атрымліваецца. Яшчэ падчас вучобы ў школе, у мяне была цудоўная беларускамоўная настаўніца, класны кіраўнік, а сама мова гучала ў маім асяроддзі. Усё гэта таксама паспрыяла таму, што мы прыйшлі да песень на роднай мове. Напрыклад, песня “Каханая дзяўчына” напісана менавіта ў школьныя гады,  потым нарадзілася песня “Вёска”. Памятаю, прыехаў дадому і ўпершыню паказаў яе бацьку. Ён расчуліўся, ледзь не заплакаў.

Адкрыццё

І настаў той час, калі Віталь КАРПАНАЎ адкрыў для сябе вершы беларускага паэта Леаніда ПРАНЧАКА (журналіст, паэт, драматург – заўвага аўтара): “Калі я чытаў яго вершы, сама сабой пачала нараджацца музыка на яго вершы”. Так нарадзілася з’явілася песня “Хата бацькоў”, якую бацька Віталя ўжо не пачуе. Затое пачула матуля і адчула гонар за сына.

-На фоне ўсяго, што перажываюць беларусы зараз, нам патрэбна апора, а мова, здаецца мне, і ёсць гэтая апора, — лічыць Віталь КАРПАНАЎ. – Нам не хапае песень на роднай мове. Пакуль супрацоўнічаем толькі з Леанідам Іванавічам Пранчаком. У нас ужо 12 твораў на роднай мове, а будзе яшчэ больш! – упэўнены музыкант.

Карысць сталення

12 студзеня Віталь размяняў пяты дзесятак.

-Я наогул дні нараджэнні не адзначаю. Усё вельмі проста: дома, з сям’ёй. А на наступны дзень, 13 студзеня, збіраемся з хлопцамі. Прайшоў год, адсвяткавалі Новы год, дзень нараджэння – гэта добрая нагода падвесці вынікі таго, што зроблена, што трэба зрабіць. Вось у такім ключы адзначаем.

Стаць музыкантам Віталь паставіў перад сабой мэту яшчэ ў дзяцінстве. Для бацькі – старшыні калгаса — гэта было дзіўнай навіной.

-Ён заўсёды хваляваўся, ці сапраўды ў мяне ёсць задаткі да музыкі, асабіста цікавіўся ў выкладчыкаў музычнай школы. І калі я займаўся ў музычнай школе, і ў музычным ліцэе, і нават у Акадэміі музыкі ён усё спадзяваўся, што абяру справу рэальную, напрыклад, агранома. Цяпер я разумею яго. Ён перажываў як любы бацька, як зараз я хвалююся за сваіх дзяцей.

Віталь – бацька двух сыноў. Старэйшаму восем гадоў, ён любіць футбол і пакуль творчасць таты яго не цікавіць. Малодшаму сыну 5 лютага споўнілася два гады. Жонка Віталя таксама музыкант. Зараз менавіта на яе плячах захаванне сямейнага ачагу, а Віталь, як і мае быць, здабытчык. Да дакрэтнага водпуску жонка дапамагала арганізоўваць канцэртныя туры. Як будзе далей, час пакажа.

Усё з чаго-небудзь пачынаецца

Віталь Уладзіміравіч  сваю прафесію лічыць дастаткова дзіўнай.

-Гэта прафесія, якая не абавязкова прывядзе да поспеху, — разважае ён. — Гэта той хлеб, які патрабуе пастаянна знаходзіцца ў пошуку. Песні складаю з дзяцінства, працягнуў пісаць падчас вучобы ў музычным вучылішчы ў Маладзечна, у Акадэмію музыкі я ўжо прыехаў з дыскам запісаных песень. З Іллёй НЕМЫЦЬКО мы жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце і маю прапанову стварыць групу ён успрыняў станоўча. Мы з ім пачыналі. Ён і сёння ў камандзе.

Адбыўшыся канцэрт на сцэне ГЦК, дадаў  у размове Віталь КАРПАНАЎ, быў вельмі важны для калектыва.

-Мы такім чынам паказваем новыя песні. У Светлагорску прагучала чатыры песні на роднай мове і нам было важна бачыць, як адрэагуе гледач. Мы рады, што ёсць рэакцыя. Наогул, нам прыемна прыязджаць у ваш горад. У вас класная сцэна, да вас прыязджаюць творчыя калектывы, хай і надалей так будзе. Хай у светлагорцаў растуць заробкі, дабрабыту вам і — калі ласка прыходзьце на канцэрты гурта “Дразды”.

Што ж, “Дразды” нарэшце пасталелі ўсебакова і гэта вельмі радуе. Будзем чакаць новых песень.

Алена Валодзіна

 
 

обсуждения для данной страницы закрыты

© 2018, ОАО «СветлогорскХимволокно»
Разработано Gooddem